Вести из региона: Мядельский район

29.11.2019

Жыцця такія светлыя акорды - любові, вернасці і дабрыні! – тэма чарговага пасяджэння раённага Савета ветэранаў педагагічнай працы сістэмы адукацыі і галіновага прафсаюза, якое праходзіла 26 лістапада 2019 года на базе ДУА «Мядзельская СШ №1 ім. У. Дубоўкі».

У пасяджэнні прынялі ўдзел ветэраны педагагічнай працы, кіраўніцтва, прафсаюзны камітэт школы, члены раённага Савета.

У рамках мерапрыемства адбылося ўшанаванне з 90 - гадовым юбілеем ветэрана педагагічнай працы, настаўніка, дырэктара Мікольскай васьмігадовай школы, намесніка дырэктара Мядзельскай сярэдняй школы, Выдатніка народнай асветы - Палоніка Аркадзія Сцяпанавіча.

Нарадзiўся Аркадзь Сцяпанавіч 26 лістапада 1929 года ў в. Баяры Мядзельскай гміны Пастаўскага павета Віленскага ваяводства.

У 1936 годзе пайшоў у першы клас Баярскай польскай, а ў 1939 годзе ў 4-ы Мядзельскай школы.

З-за ваенных падзей толькі ў 1947 годзе закончыў Мядзельскую сямiгодку. Узнiкла пытанне, куды пайсці вучыцца далей! Адкрыцця 8 класа ў Мядзелі не было таму вырашыў падацца ў Паставы, дзе можна было атрымаць прафесiю настаўнiка.

У 1947 годзе паступіў i ў 1951 годзе закончыў Пастаўскае педвучылiшча.

У 1951 годзе накiравалi на месячныя курсы па падрыхтоўцы настаўнiкаў для 5 - 7 класаў. Так ён апынуўся ў Брэсце i праз месяц атрымаў дакумент настаўніка фiзiкі i матэматыкі сямiгадовай школы.

3 аблАНА накіравалi працаваць у Cвipcкi раён. “Тут мяне сустрэла ўдача. У Cвip падвезла "Волга", якая ехала па справах у Cвipcкi раён. Са жніўня 1951 года я стаў працаваць настаўнікам фiзiкі i матэматыкі Вялікастрачскай сямiгадовай школы”- так успамінаў пачатак сваёй настаўніцкай працы Аркадзь Сцяпанавіч.

Завочна закончыў фiзмат Мiнскага педiнстытута iмя М. Горкага. У 1953 годзе быў прызначаны дырэктарам Вялiкастрачскай сямiгадовай школы Свiрскага раёна (зараз Астравецкi), потым два гады працаваў дырэктарам Вiшнеўскай СШ. Найбольш (18 гадоў) адпрацаваў дырэктарам Мікольскай школы Мядзельскага раёна.

А потым была гарадская школа. Сёння - гэта Мядзельская школа № 1 імя Уладзіміра Дубоўкі. 13 гадоў працы ў гэтай школе намеснікам дырэктара. Мяняліся кіраўнікі, а ён заставаўся на сваёй пасадзе да выхаду на заслужаны адпачынак!

Паважаў асобу настаўніка і высока цаніў яе, быў заўсёды інтэлігентным. За гэта калектыў адказваў яму павагай і любоўю, для іх ён быў добрым таварышам і дарадчыкам.

Актыўным быў Аркадзь Сцяпанавіч і ў грамадскім жыцці: працаваў прапагандыстам, сакратаром партарганізацыі, адказным лектарскай групы, кожны год з задавальненнем прымаў удзел у экскурсійных паездках, удзельнічаў у мастацкай самадзейнасці.

Многія гады верным саратнікам,сябрам, дарадчыкам і чалавекам, які перажываў за ўсё, што адбывалася на працы, з’яўлялася жонка Аркадзя Сцяпанавіча - Маргарыта Сцяпанаўна, настаўніца. Ён пазнаёміўся з ёй у тым жа Пастаўскім педвучылішчы. Так і ішлі яны па жыцці адной настаўніцкай дарогай, паважаючы і любячы адзін аднаго. Выгадавалi сына Вадзiма i дачку Алену, якія таксама сталi педагогамі.

Вынік дзейнасці юбіляра досыць важкі. Павага і прызнанне калег па працы, вучняў, сяброў, аднавяскоўцаў. Аркадзя Сцяпанавіча памятаюць, шануюць людзі рознага ўзросту. Сярод іх – тыя, хто працаваў побач, тыя, хто сябраваў з ім не адно дзесяцігоддзе, і нават тыя, каго лёс звёў з гэтым цудоўным чалавекам толькі аднойчы.

За шматгадовую працу Аркадзь Сцяпанавіч ўзнагароджаны Граматай Вярхоўнага Савета БССР, нагрудным знакам "Выдатнік народнай асветы", медалямі "За трудовое отличие" i "У азнаменаванне 100-годдзя з дня нараджэння У.І. Леніна", "Ветэран працы" i шматлiкімi граматамі.

Віншавалі юбіляра дырэктар школы Балюк А.М., старшыня райкама галіновага прафсаюза Глінская І.В., прафсаюзны камітэт, настаўнікі, ветэраны педагагічнай працы, дзяліліся ўспамінамі і выказвалі падзяку за сумесную працу, жадалі Аркадзію Сцяпанавічу здароўя, дабрабыту, даўгалецця…

У свой час, райкам галіновага прафсаюза набыў некалькі экзэмпляраў кнігі Івана Пятровіча Драўніцкага, былога дырэктара Куцькаўскай васьмігадовай школы, “Пастаўскае педагагічнае вучылішча ў люстэрку часу”. Кніга утрымлівае шмат успамінаў былых навучэнцаў вучылішча, якія пражываюць на Мядзельшчыне, працавалі настаўнікамі ў школах раёна. Кніга распавядае пра іх далейшы лёс, у тым ліку і пра нашага юбіляра.

Пад час мерапрыемства старшыня райкама галіновага прафсаюза Глінская І.В. перадала адзін з экзэмпляраў гэтага выдання ў  школьны музей.

220030, г. Минск, пл. Свободы, 23
каб. 127, 128
тел./факс: +375 17 258 24 04
E-mail: minsk-obkom@mail.ru
Яндекс.Метрика