Калі б вы мяне запыталі, што такое музей, я б адказала, што гэта месца, дзе ёсць магчымасць сустрэцца з мінулым.
Менавіта такую магчымасць – сустрэчу з мінулым – мелі члены Клецкай раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі навукі, якія 18 снежня наведалі г. Мінск.
Распачалася экскурсія з наведвання Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы. Дзе ўдзельнікі экскурсіі пазнаёміліся з жыццём і творчасцю народнага паэта Беларусі ў нацыянальным, еўрапейскім і сусветным кантэксце, роллю пісьменніка ў гісторыі нацыянальнай літаратуры, культуры, станаўленні беларускай дзяржаўнасці.
Прыемнай нечаканасцю і своеасаблівым сюрпрызам для ўсіх стала запрашэнне на “Калядкі”. Нам распавядалі, як беларусы адзначалі Каляды на працягу апошніх 100 гадоў, павадзілі карагоды з калядоўшчыкамі і Казой.
А пасля ўдзельнікаў экскурсіі чакала знаёмства з адным з самых прыгожых месцаў у Мінску – Траецкім прадмесцем – дзе захаваліся фрагменты старадаўняй забудовы. Сімпатычныя рознакаляровыя домікі, брукаваныя вулачкі, выгляд на раку Свіцязь заварожваюць… Нават не зусім прыемнае надвор’е не змагло парушыць панаванне атмасферы рамантыкі і прыгажосці.
А пасля быў Востраў слёз… Гэта напамінак усім нам, беларусам, аб тых ураджэнцах Беларусі, якія загінулі ў войнах на тэрыторыі нашай краіны і за яе межамі. Балючы напамінак аб тым, які далікатны і непрадказальны наш свет...
Далей нас чакала сустрэча з творчасцю яшчэ аднаго найвялікшага паэта краіны – Максіма Багдановіча. Менавіта тут, у Траецкім прадмесці, размясціўся музей, прысвечаны жыццю і творчасці паэта, які амаль ўсё жыццё пражыў удалечыні ад Бацькаўшчыны, але ўсе творы якога былі прасякнуты любоўю да сваёй Радзімы. Мы мелі магчымасць пазнаёміцца з творчай лабараторыяй паэта, дакументамі, асабістымі рэчамі Багдановіча, а таксама акунуцца ў атмасферу гарадскога побыту мінчукоў мінулых гадоў.
Сустрэча з мінулым… Наша сёння вельмі цесна звязана з ім і вырасла з яго. Таму, каб лепш пазнаць сучасны свет, спазнаць яго законы, трэба пачынаць са знаёмства з мінулым.
Дзякуй Клецкаму раённаму камітэту галіновага прафсаюза і УП “Беларустурыст” за дадзеную магчымасць.