ТАЛЕНАВІТЫ НАСТАЎНІК І ЗАЎЗЯТЫ ХЛЕБАРОБ

21.08.2019

ТАЛЕНАВІТЫ НАСТАЎНІК І ЗАЎЗЯТЫ ХЛЕБАРОБ

Старшыня Мінскай абласной арганізацыі Беларускага прафесіянальнага саюза работнікаў адукацыі і навукі Мікалай БАШКО на мінулым тыдні наведаў Валожынскі раён з прыемнай місіяй – падтрымаць і ўручыць падарунак (сертыфікат на 150 рублёў) настаўніку фізічнай культуры СШ № 2 г. Валожына Сяргею ШАЎЛЮКУ, які ўжо трыццаць трэці раз прымае ўдзел ва ўборачнай кампаніі.

Кожны год падчас свайго законнага працоўнага адпачынку мужчына садзіцца за штурвал камбайна і шчыруе на палетках ААТ “Лоск”. Галіновы прафсаюз узнагароджвае яго не ўпершыню. Мікалай Мікалаевіч гаворыць, што чалавека, які ўносіць такі вялікі ўклад у агульны каравай вобласці і краіны, карыстаецца несумненным аўтарытэтам у сваёй установе і, наогул, сярод работнікаў адукацыі раёна, нельга было не заўважыць і не адзначыць.

У школе настаўніка любяць дзеці і паважаюць бацькі. Ён – сапраўдны прафесіянал. Падчас работы на сельгаспрадпрыемстве Сяргей Міхайлавіч таксама бездакорна выконвае абавязкі. Мужчына сам рыхтуе тэхніку да ўборачнай кампаніі, таму ўпэўнены, што “Ліда” не падвядзе ў адказны час. Па стане на 19 жніўня камбайнер намалаціў больш за 750 тон зерня, што з’яўляецца ўнушальным укладам у каравай рэспублікі.

Мікалай Мікалаевіч распавёў, што сёлета ў вобласці на жніве працуе 61 прадстаўнік галіновага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі. 10 – у якасці старшых камбайнераў, і, згодна з аператыўнай зводкай, іх агульны намалот складае каля 9 тыс. тон зерня. Гэта даволі вялікая лічба. Мінская абласная арганізацыя Беларускага прафесіянальнага саюза работнікаў адукацыі і навукі вельмі ўдзячна людзям, што падставілі сваё плячо, аддаюць сілы і прафесіяналізм, каб дапамагчы дзяржаве ва ўборцы ўраджаю. Сярод іх асаблівай павагі заслугоўвае наш зямляк Сяргей Шаўлюк.

Тэкст і фота Анжэлы РАДЫНА

220030, г. Минск, пл. Свободы, 23
каб. 127, 128
тел./факс: +375 17 258 24 04
E-mail: minsk-obkom@mail.ru
Яндекс.Метрика