Вести из региона: Копыльский район
08.11.2018Лістападаўскі экскурс у глыбіню сэрца Беларусі
Убачыць Мінск іншымі вачыма… Мы выбралі незвычайны спосаб даведацца пра горад бліжэй, пра яго багатую гісторыю і цікавую культуру. І так, паехалі… Як толькі апынуліся ў экскурсійным аўтобусе на плошчы Леніна, нас захапіў цікавы аповед экскурсавода кампанii «Белтурыст» пра адзін з самых вядомых і працяглых праспектаў нашай краіны – праспект Незалежнасці. Дарэчы, разглядаецца пытанне на высокім узроўні, каб культурна-гістарычную частку праспекта, што выканана ў стылі Сталінскага ампіра, унесці ў спіс культурнай спадчыны ЮНЕСКА. Далей праязджаем Белдзяржцырк, плошчу Перамогі, Акадэмію навук Беларусі, парк Чалюскінцаў, і вось сімвал Мінска – Нацыянальная бібліятэка, нібы алмаз на карце Беларусі. Звярнуўшы з праспекта, аўтобус накіраваўся на скрыжаванне вуліц Каліноўскага і Усіхсвяцкай да храма Усіх Святых. Мінскі храм-помнік у гонар Усіх святых і ў памяць аб ахвярах, якія паслужылі выратаванню Айчыны нашай — храм Беларускага экзархата Рускай Праваслаўнай Царквы. Асвечаны 14 кастрычніка 2018 г., архітэктар царквы – Леў Пагарэлаў. Вышыня храма – 72 метры, разам з крыжам – 74. Адначасова храм зможа прыняць 1200 вернікаў. Сапраўды, сучасны помнік архітэктуры (калі можна так сказаць) уражвае сваімі памерамі і захапляе прыгажосцю. Далей мы накіраваліся назад, у цэнтр горада, звярнулі з праспекта за ГУМам і апынуліся ў месцы, дзе сапраўды “пахне” гісторыяй і культурай каля Кафедральнага сабора Сашэсця Святога Духа - галоўнага храма Беларускага экзархата Рускай Праваслаўнай Царквы. Менавіта тут знаходзіцца самая каштоўная рэліквія - цудатворны абраз Божай Маці, здабыты мінчанамі ў 1500 г., і названая Мінскай. Працяг экскурсіі адбыўся на беразе Свіслачы каля “Вострава Мужнасці і Смутку” — мемарыяла, які ўзведзены ў памяць аб беларускіх воінах-інтэрнацыяналістах, што загінулі ў Афганістане ў 1979-1989 гг.
На гэтым экскурсія падышла да заканчэння. Але колькі можна яшчэ цікавага ўбачыць тут, у сэрцы нашай Радзімы. Усё яшчэ наперадзе… Так бывае, што, часта наведваючы горад Мінск па нейкіх пэўных справах, у пастаянным руху мы не звяртаем увагу на прыгажосць нашай сталіцы, забываемся пра тое, што Мінск – старажытны горад са сваёй найбагацейшай гісторыяй і культурай.