Вести из региона: Клецкий район
14.08.2018Нататкi з турыстычнага "Дзяржынава"
Чалавек – шчасця каваль, уладар,
Ён жа на зямлі – дбайны гаспадар.
Яшчэ любіце, цаніце Радзіму –
Сваю мілую, шчырую Айчыну!
Не забывайце продкаў, іх спадчыну -
Яна ж, як мова матчына!
У гэтых словах заключаецца сэнс жыцця чалавека, яго думкі, пафас аб Радзіме. Не адным колерам адлюстроўваецца лёс – і людзей, і дзяржавы. Жыццёвыя сітуацыі пераплятаюцца рознакаляровымі ніткамі. А бяруць верх самыя яркія, якія і пракладаюць шлях на шырокі прастор. Але дзе б не з'явіўся на свет чалавек, ён мае сваю маленькую радзіму і цешыцца гэтым багаццем усё жыццё.
Жыццё не стаіць на месцы, змяняецца, ідзе ўперад. Моладзь уступае ў свае правы, а старэйшае пакаленне становіцца на шлях адпачынку. Хочацца пажыць і пабачыць навакольны свет у "другім аспекце", палюбавацца хараством мясцін, якія маюць гісторыю вельмі цікавую, славутую, вядомую. Бо калі чалавек ва ўзросце, ён успамінае даўняе, мінулае. І тады нават яго ўласнае жыццё цешыць сэрца, душу, а жыць становіцца лягчэй. А яшчэ ў гэтым дапамагае клуб "Аптымісты", які існуе ў нашым раёне. Яго наведваюць былыя настаўнікі. Тут пануе сяброўства, зладжанасць, адказнасць. Клуб узначальвае разумны, добразычлівы, вопытны, справядлівы чалавек – Аляксандр Мікалаевіч Жукоўскі. На дапамогу яму прыходзіць начальнік упраўлення па адукацыі, спорце і турызме А.М.Клімовіч. Матэрыяльныя і маральныя стымулы яго адчувальныя. Нас гэта цешыць. І мы ўдзячны і кажам ад імя ветэранаў педагагічнай працы: "Вялікі дзякуй!"
Экскурсіі, паездкі, сустрэчы дораць цёплы настрой і хочацца зноў і зноў жывым вокам убачыць прыгожыя мясціны Беларусі, якія насычаюць непаўторным каларытам і сам рытм нашага жыцця.
Наш чарговы турыстычны маршрут пралягаў у Налібокскую пушчу, што на Стаўбцоўшчыне, дзе размясціўся музей-сядзіба "Дзяржынава". Нас сустракае шырокая паляна сярод векавых дрэў. Уладарыць прырода ў спрадвечнай сваёй прыгажосці – гонкія сосны, стройныя бярозы і векавыя дубы. Лес нечакана расступаецца, утвараючы маляўнічую паляну, дзе размяшчаюцца адноўлены жылы дом, гаспадарчыя пабудовы.
Ветліва сустракае турыстаў з Клеччыны экскурсавод Мікалай Мікалаевіч Васількоў. Яго погляд спыняецца на нашых тварах, стварае жывы кантакт, і адчуваецца, што будзе цікава. І, сапраўды, шчыры, душэўны аповед адкрываў адну за другой важныя звесткі. Вось, напрыклад, ідучы па дарожцы, якая вядзе да музея, паабапал мы бачым алею з 49 валуноў. Чаму менавіта столькі? Аказваецца, яны сімвалізуюць гады, пражытыя Ф.Э.Дзяржынскім. Яму ж на плошчы, на высокім пастаменце з цёмна-чырвонага граніту, устаноўлены бронзавы бюст.
Далей прыцягваюць увагу адноўленыя прыродным каменем невысокія фундаменты і калодзежны зруб, з якога цягнецца да сонца бяроза ў два ствалы.
А вось і будынак музея. Ён быццам чакае нас, каб расказаць пра жыццё чалавека, які не толькі стаў вядомы, але і застаўся ў памяці людской.
У 70-х гадах ХІХ стагоддзя ў гэтым месцы знаходзілася сядзіба старажытнага дваранскага роду Дзяржынскіх, уладальнікаў шляхецкіх гербаў "Суліма" і "Ястрабец" – маёнтак Аземблова-Дзяржынава. У 1875 годзе сюды прыехаў са сваёю сям'ёю Эдмунд-Руфін Дзяржынскі – бацька Фелікса. Гэта быў выпускнік Пецярбургскага ўніверсітэта, кандыдат фізіка-матэматычных навук, выкладчык фізікі і матэматыкі ў Херсоне і Таганрозе. Маёнтак Дзяржынава быў невялікі, меў 92 дзесяціны зямлі, якая здавалася ў арэнду за 42 рублі ў год. На гэтыя сродкі і на пенсію бацькі па хваробе жыла вялікая дружная сям'я. У 1877 г. тут, у маёнтку, нарадзіўся Фелікс, пятае дзіця, пасля якога праз некаторы час на свет з пэўнымі прамежкамі з'явілася яшчэ трое. Маленства будучага рэвалюцыянера, савецкага дзяржаўнага дзеяча, партыйнага работніка Фелікса Эдмундавіча Дзяржынскага прайшло менавіта ў гэтых мясцінах, якія сям'я пакінула ў 1887 годзе. Пасля тут доўга жыў другі арандатар – І.І.Годыль. А ў 1935 г. у родныя сцены зноў пасяліўся Казімір Дзяржынскі, старэйшы брат Фелікса, з жонкай нямецкай нацыянальнасці Люцыяй Вільгельмаўнай.
Вельмі цікавую інфармацыю мы атрымалі пра далейшы лёс гэтай сям'і. Летам 1943 г. яе члены былі расстраляны за антыфашыстскую дзейнасць, а маёнтак – спалены. Пасля Вялікай Айчыннай вайны ў Дзяржынава і бліжэйшай да хутара вёсцы Пятрылавічы ўстаноўлены мемарыяльныя абеліскі, што сведчаць аб іх добрых справах.
Прыступкі музея вядуць на першы паверх ва ўтульны пакой, дзе нам і расказалі аб гісторыі сям'і, пра атмасферу, якая панавала ў доме ў канцы ХІХ – пачатку ХХ стагоддзя. Мы бачым адноўленыя сапраўдныя рэчы членаў сям'і, якія ўпісаны ў рэканструяваны інтэр'ер дзіцячага пакоя, сталовай, гасцінай, кабінета.
Экскурсавод запрашае далей. Мы паднімаемся на другі паверх, дзе размова ідзе яшчэ больш змястоўная, цікавая. Тут адведзена месца тром тэматычным выставам, дзе вобраз Ф.Э.Дзяржынскага адлюстраваны ў філакартыі, філатэліі, фалерыстыцы, выяўленчым мастацтве. Расказ аб ім вядзецца ў паслядоўнасці з жыццёвымі вехамі. Уражваюць асабістыя рэчы, прадстаўленыя ў музеі. Ёсць дэталі інтэр'ера рабочага кабінета, кнігі, аўтарам якіх ён з'яўляецца, сямейныя фотаздымкі, што служылі рэліквіяй Дзяржынскіх. А вось і калекцыя падарункаў, сувеніраў, завяршаючых экспазіцыю. Яны ад дэлегацый розных краін свету – Расіі, Германіі, Польшчы, Кітая і іншых, якія наведвалі Дзяржынава.
З такім змястоўным, багатым матэрыялам нас пазнаёміў М.М.Васількоў, якому мы былі вельмі ўдзячны. Мы сутыкнуліся з мінулымі гадамі, але гэта скарб, спадчына і цікава нават для маладога пакалення, а старэйшымі людзьмі ўспрымаецца як сведчанне пражытага жыцця – свайго і
людзей, якія служылі Радзіме, народу і сталі знакамітымі. Нездарма ў 1963 годзе па рашэнні Савета Міністраў БССР сядзіба "Дзяржынава" ў 80 гектараў абвешчана помнікам прыроды рэспубліканскага значэння. А ў 1972 г. тут адкрыты мемарыяльны комплекс, які стаў філіялам створанага ў 1957 г. у г.п.Івянец музея Ф.Э.Дзяржынскага. У 2002 г. "Дзяржынава" быў уключаны ў дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь, з нагоды чаго два гады праводзіліся рамонтныя работы. А цяпер цалкам адноўленым у адпаведнасці з гістарычнымі дакументамі дом-музей гасцінна адчыняе турыстам свае дзверы.
Развітаўшыся з Мікалаем Мікалаевічам, мы па яго рэкамендацыі працягвалі экскурсію самастойна па экалагічнай сцяжынцы, якая павяла нас за межы сядзібы ў лясныя масівы. Паабапал сосны, нізкі кустарнік, раўчукі, дзе павольна цячэ вадзіца і часам на проблесках сонца свеціцца сваёй празрыстасцю, чысцінёй. Па дарозе сустракаліся маладыя сыраежкі, як бы віталі нас і запрашалі ў госці. Мы не кранулі іх – падумалі, што няхай растуць у лесе, чакаюць сваіх сапраўдных грыбнікоў.
Сцяжынка прывяла нас да рачулкі Уса. Яе берагі – высокія, стромкія, нават боязна каля іх стаяць. Зона адпачынку, зручныя лаўкі на жоўтым чыстым пясочку – жывы каларыт прыроды. Свежы подых ветрыку, ціхага, спакойнага, сям-там варушыў лісточкі, чуліся галасы птушак. Наш настрой адпавядаў усяму пачутаму і адчутаму. І на сэрцы было лёгка, спакойна, бо экскурсія ўдалася.
Вось і закончыўся дзень яшчэ адной паездкай па родных мясцінах, якая пакінула добрыя ўражанні. Клуб "Аптыміст" будзе чакаць новых сустрэч, каб наш адпачынак свяціўся агеньчыкам усё новага і новага дня і прыносіў толькі найлепшыя пачуцці. Жыццё прадаўжаецца, а ў ім будзе ўсё цудоўна, і менавіта такія моманты застаюцца ў памяці назаўсёды. І яшчэ больш разумееш, што многае ў жыцці залежыць ад нас саміх. Не трэба сумаваць, будзьце адкрытымі для шчасця, дабрыні, рабіце добрыя справы не толькі для сябе, але і для іншых людзей.
Тамара Новікава,
член турыстычна-краязнаўчага клуба "Аптымісты"
ветэранаў працы сістэмы адукацыі і галіновага прафсаюза.