Вести из региона: Клецкий район

24.04.2018

Пакуль са мной радзіма – я жыву.

Я чую кліч яе, шчымліва-ўзнёслы.

І колькі б ні мінула зім і вёснаў,

Нябачнай ніткі з ёй не разарву.

Дзмітрый Пятровіч

14 красавіка на базе Клецкай сярэдняй школы №3 адбылося свята, якое сабрала шмат прыемных, прыветных людзей, – літаратурна-музычная імпрэза “Я да цябе прапісаны, мой край…”, прысвечаная Году малой радзімы. Натхняльнікам, ініцыятарам правядзення мерапрыемства выступіў прэзідыум Савета ветэранаў працы сістэмы адукацыі і раённы камітэт галіновага прафсаюза.

Гасцямі літаратурна-музычнай імпрэзы сталі Дзмітрый Леанідавіч Пятровіч – паэт, празаік, перакладчык, кампазітар, вядучы рэдактар выдавецтва “Мастацкая літаратура”, член Саюза пісьменнікаў Беларусі, лаўрэат Рэспубліканскай літаратурнай прэміі “Залаты Купідон” і Васіль Іванавіч Найдзін – празаік, сатырык, перакладчык, гумарыст. Госці шчыра і ўзнёсла выконвалі свае творы, захапляючы ў палон душу і сэрца гледачоў.

Увазе прысутных (члены клуба “Аптымісты” ветэранскай арганізацыі сістэмы адукацыі і галіновага прафсаюза, клуба “Залаты ўзрост” ветэранскай арганізацыі Клецкага раёна, літаратурнага аб’яднання “Голас” пры раённай газеце “Да новых перамог”, бібліятэкары і прафсаюзныя лідары ўстаноў адукацыі раёна) была прадстаўлена прэм’ера песні “Называюць цябе сінявокай”. Словы нашага земляка з багатым унутраным светам, наіўна-адкрытым поглядам летуценніка, добрым пачуццём гумару, старшыні савета ветэранаў працы сістэмы адукацыі Клецкага раёна Аляксандра Мікалаевіча Жукоўскага, музыка вядомага беларускага кампазітара, народнага артыста Рэспублікі Беларусь Эдуарда Зарыцкага, выканаўца – вакальная група “Кантабеле”.

На свяце ў выкананні аўтараў гучалі творы Ліліі Мялешка - старшыні літаратурнага аб’яднання “Голас”, Таццяны Цвірка – чалавека чуйнай душы, тонкага лірыка, Галіны Нупрэйчык – натуры рамантычнай, філасоўскі-аналітычнай і ўзнёслай. Слухаючы сваіх землякоў, разумееш, што Клеччына –зямля, якая нараджала і будзе нараджаць таленавітых людзей.

А як шчыра віталі гледачы Вольгу Вячаславаўну Герасімовіч – нашага паэта, барда, уладальніка ўласнага сайта “На струнах душы” і юных артыстаў Веліч Валерыю і Марыю Крыцук!

Колькі добрых слоў, шчырых падзяк прагучала ў адрас арганізатараў мерапрыемства, якое падарыла ўсім імгненні радасці і асалоды.

Сустрэча атрымалася… Як прыемна было адкрываць для сябе таленавітасць нашага народа, маіх землякоў, бачыць прыгажосць кожнага кутка, слухаць пявучую беларускую мову і адчуваць у душы вялікі гонар за сваю Радзіму.

220030, г. Минск, пл. Свободы, 23
каб. 127, 128
тел./факс: +375 17 258 24 04
E-mail: minsk-obkom@mail.ru