Вести из региона: Воложинский район

19.01.2017

З жыцця пярвічкі

“Раство ў маім сэрцы”

Свята Нараджэння Хрыстова – асаблівае ў жыцці кожнага чалавека. Яно нясе з сабой цеплыню, супакой, надзею і веру ў духоўнае аднаўленне. Радасць гэтага свята ўваходзіць у нашы дамы і працоўныя калектывы.

Вось і ў Ракаўскай сярэдняй школе стала ўжо добрай традыцыяй праводзіць сустрэчы ў дні Калядных свят. Так і ў гэтым годзе 14 студзеня, нягледзячы на непагадзь і свае асабістыя планы, на святочны канцэрт “Раство у маім сэрцы” спяшаліся вучні, іх бацькі і блізкія, настаўнікі, ветэраны педагагічнай працы, проста жыхары аграгарадка. Традыцыйна запрашаюцца і наведваюць калядныя сустрэчы ў Ракаўскай сярэдняй школе святары мясцовых храмаў. Мне асабліва запомнілася невялічкая дзяўчынка-падлетак, якая беражліва захінала крысом куртачкі футляр са скрыпкай ад мокрага снегу, спешна імчалася па школьным двары.

Цяжка перадаць словамі тую атмасферу духоўнага стану, супакою і цеплыні, якая панавала ў актавай зале ў гэты суботні дзень. Да слёз кранала ўсё: і інсцэніроўкі біблейскай тэматыкі, і песні ў выкананні дзяўчынак, і віншаванні са святам, якія гучалі са сцэны ў адрас прысутных, і верш у выкананні настаўніцы музыкі Русецкая А.М.

Ціха, з усмешкамі на тварах госці яшчэ доўга размаўлялі, сабраўшыся ў невялічкія групкі, рабілі фотаздымкі напамяць. Пасля старшыня прафкама школы Капуста А.К. запрасіў усіх настаўнікаў, ветэранаў педагагічнай працы і гасцей падняцца на трэці паверх, дзе за кубачкам гарбаты і духмянай кавы размова пра духоўнае прадоўжылася. Віншаванні са святам Раства і цёплыя словы падзякі за уважлівыя адносіны да ветэранаў педагагічнай працы выказаў былы дырэктар школы Пётр Кузьміч Дубавец, былая настаўніца фізікі Ванда Канстанцінаўна Грыбкоўская, старшыня Савета ветэранаў Ракаўскай сярэдняй школы – Ганна Каспераўна Янушкевіч. Пажадала здароўя, даўгалецця, цёплых сустрэч і сяброўскіх адносін і найдалей дырэктар школы Ганна Генадзьеўна Віктаровіч.

Хочацца верыць, што наступіўшы новы 2017 год, будзе асвечаны ўсемагутнай Божай дапамогай, а дабро і міласэрнасць будзе з намі толькі тады, калі і мы прынясём дабро ў гэты свет.

Ветэран педагагічнай працы

Людміла Аляксееўна Барташэвіч

220030, г. Минск, пл. Свободы, 23
каб. 127, 128
тел./факс: +375 17 258 24 04
E-mail: minsk-obkom@mail.ru