"Таму вось так, рука аб руку са спортам, і ідзе ўвесь час па жыцці Клаўдзія Блізнец"

06.11.2020

Пухавіцкі раён

     Пакуль ніхто ў раёне да  гэтага часу не змог абысці Клаўдзію  Рыгораўну  Блізнец на лыжні і ніхто  не  паказаў  лепшага  выніку  ў скандынаўскай хадзьбе, дзе на  дыстанцыі  10  кіламетраў  гэтая нястомная спартсменка з’яўляецца дзеючай чэмпіёнкай рэспублікі.

   — Праўда,  у  сваім  узросце,  —  кожны  раз  удакладняе  Клаўдзія  Рыгораўна, без  какецтва кажучы пра тое, што яна ўжо 14 гадоў на пенсіі.  Але пры гэтым пра ўзрост не хоча думаць.  Нават ігнаруе яго, бо адчувае сябе бадзёрай  і  маладой. У чым сакрэт? Ён просты: нельга спыняцца…

     Таму вось так, рука аб руку са спортам, і ідзе ўвесь час па жыцці Клаўдзія  Блізнец. Робіць гэта з упэўненасцю, што рух, як бы банальна ні гучала, гэта і ёсць жыццё…

    Спорт у якасці прафесіі Клаўдзія Блізнец абрала тады, калі прыняла рашэнне паступіць у Беларускі дзяржаўны інстытут фізічнай культуры.  Вучылася на аддзяленні лёгкай атлетыкі, але займалася ўсім тым, што было цікава: спартыўнае арыентаванне, горны, водны і пешы турызм, тэніс,  лыжы… 11 разоў пабывала на горным Каўказе, пакараючы кожны раз новыя вяршыні як скалалаз і лыжнік, была ў Запаляр’і, на Кольскім паўвостраве.

 —  Ніколі не магла здаволіцца чымсьці адным, — кажа Клаўдзія  Рыгораўна. —  Пастаянна хацелася чагосьці новага.  Таму нават на пенсіі кідаю сабе новыя выклікі.  Вось як толькі стала набіраць папулярнасць скандынаўская хадзьба, я ўзялася за палкі.  Улетку  цяпер  —  скандынаўскія, зімой — лыжныя…

    І,  трэба  зазначыць,  мар’інагорскія  “скандынавы” ходзяць надта добра: мясцовы клуб стаў адным з самых тытулаваных у рэспубліцы.  У гэтым годзе, праўда, каранавірус не даў пабіць новыя рэкорды, але народ  не  адчайваецца і не дае палкам пыліцца.

   — Цяпер планую аднавіць спаборніцтвы ў рамках 10-й спартакіяды сярод ветэранаў фізічнай культуры і спорту, — расказвае Клаўдзія Рыгораўна, якая ўжо шмат гадоў узначальвае гэтую  раённую арганізацыю.— Ужо засумавалі па спаборніцтвах…

     Але грамадская праца для Клаўдзіі  Блізнец  не асноўная.  Адпрацаваўшы шмат гадоў метадыстам у аддзеле адукацыі райвыканкама,  Клаўдзія  Рыгораўна  працягвае  працаваць  настаўнікам фізічнай культуры ў сярэдняй школе №4 горада Мар’іна  Горка.

   Акрамя таго, актыўна ўдзельнічае ў арганізацыі спартыўных мерапрыемстваў у рамках спартакіяды сярод педагогаў.  У гэтых спаборніцтвах з’яўляецца і галоўным суддзёй.

    Я даўно ведаю Клаўдзію Рыгораўну.  І магу сказаць, што не заўважаю па ёй  ніякіх зменаў: такая ж актыўная, неабыякавая, завадная…  Яна зараджае сваёй энергіяй.  Ды так, што становіцца крыху сорамна за сябе:  нібыта  яшчэ  не на пенсіі, а вось  спаборнічаць не ўзялася б…

 — Ва   ўсім   трэба  пастаянства, —  кажа Клаўдзія  Рыгораўна. —  Спартсменам  за  адзін  дзень  не  станеш,  вядома.   На  гэта   патрэбны  гады…  Але  рухацца-рухацца-рухацца   павінен   кожны…

   Гэтаму, думаю, зараз актыўная бабуля вучыць сваю чатырохгадовую ўнучку.  І выбару ў дзяўчынкі, як я разумею, няма: быць  ёй,  напэўна,  такой   жа  спартыўнай і  актыўнай…

Алена  ШАНТЫКА.

 

 

220030, г. Минск, пл. Свободы, 23
каб. 127, 128
тел./факс: +375 17 258 24 04
E-mail: minsk-obkom@mail.ru
Яндекс.Метрика