А «хімічыць» яна прафесійна!

02.03.2021

Навучаючы другіх, навучайся сам, успрымай усё новае, невядомае; развівай здольнасці вучняў; фарміруй маральныя адносіны да людзей… Такое педагагічнае крэда настаўніцы хіміі ДУА «Сярэдняя школа №1 г. Любані» Вольгі Кулік, якая прызнана па выніках 2020 года лепшай па прафесіі сярод работнікаў педагагічнай сферы раёна. 

У дзяцінстве Вольга, навучэнка Сароцкай СШ, марыла стаць доктарам, але прыклад педагогаў роднай школы, улюбёных у сваю прафесію, цалкам самаадданых ёй, натхніў дзяўчыну, як і яшчэ чатырох аднакласнікаў, на выбар менавіта гэтай жыццёвай дарогі. Але ўсё ж яна не магла здрадзіць любімай хіміі, таму пасля заканчэння адзінаццацігодкі паступіла ў Мінскі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка на хіміка-біялагічны факультэт. Атрымаўшы дыплом, у 1998 годзе вярнулася на малую радзіму і ўладкавалася ў сярэднюю школу №1 г. Любані. З першых дзён працы калектыў стаў родным і блізкім. З удзячнасцю ўспамінае Вольга Іосіфаўна дырэкцыю, асабліва завуча М.І. Мацюшонак, старэйшых калег, якія дапамагалі засвоіць педагагічныя сакрэты, залацінкі майстэрства.

Быць настаўнікам складана, а добрым настаўнікам – тым больш. Таму Вольга Кулік заўсёды знаходзіцца ў творчым пошуку, цалкам аддаючы сябе любімай справе. Уся яе работа накіравана на ўдасканаленне і павышэнне якасці адукацыі па вучэбным прадмеце. Педагог валодае сучаснымі адукацыйнымі тэхналогіямі, выкарыстоўвае эфектыўныя формы і метады навучання. Лічыць, што галоўная задача школы – стварыць умовы, каб вучню самому было цікава здабываць веды, а яе задача – памагаць і падтрымліваць, накіроўваць і правільна арганізоўваць дзейнасць вучняў. Матэрыял стараецца выкладаць у даступнай форме, на сувязі з практыкай.

У сваёй працы Вольга Іосіфаўна аддае перавагу рабоце з высокаматываванымі адоранымі школьнікамі. У выніку створанай эфек-тыўнай сістэмы яе вучні паказваюць выдатныя веды на тэсціраванні, неаднаразова станавіліся пераможцамі конкурсаў работ даследчага характару, прадметных алімпіяд. Так, адзін з апошніх высокіх вынікаў – перамога Ягора Русаковіча, які і ў мінулым, і ў гэтым годзе ўзнагароджаны Дыпломам І ступені па выніках трэцяга (абласнога) этапа рэспубліканскай алімпіяды па хіміі.

Настаўніца не ўяўляе сваёй педагагічнай дзейнасці без класнага кіраўніцтва. Арганізаваць для рабят цікавыя мерапрыемствы, турыстычныя паходы, спартыўныя спаборніцтвы, вясёлыя святы – гэта ёй у радасць. «Справядлівая, добрая, але, калі трэба, адначасова і строгая; заўсёды пастаіць за нас; верны сябар, размаўляе з намі на адной мове; можа даць слушную параду, не падаўляе нашы ініцыятывы», – так характарызуюць класнага кіраўніка вучні яе любімага 10 «А».

У калектыве Вольга Кулік карыстаецца заслужанай павагай. Вясёлая і адкрытая, дружалюбная і камунікатыўная, яна заражае другіх сваім пазітывам, жыццярадаснасцю. Ахвотна бярэцца за любую справу, ці гэта адкрыты ўрок або выступленне на метадычным аб’яднанні, удзел у тэатралізаваных прадстаўленнях або ў камандзе КВЗ. Яе плённая праца адзначана шматлікімі ўзнагародамі не толькі раённага выканаўчага камітэта, але і абласнога. А ўсё ж самай галоўнай яна лічыць любоў і павагу сваіх вучняў.

Ірына БЕРАЗОЎСКАЯ.

220030, г. Минск, пл. Свободы, 23
каб. 127, 128
тел./факс: +375 17 258 24 04
E-mail: minsk-obkom@mail.ru
Яндекс.Метрика