Час пралятае незаўважна

05.03.2021

На працягу 17-ці гадоў Любанскую раённую арганізацыю Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі ўзначальваў Мікалай Кругленя. На пасаду старшыні райкама Мікалай Мікалаевіч, дырэктар Рэдкавіцкай сярэдняй школы, быў абраны ў лістападзе 1987 года.

Сёння, узгадваючы работу ў якасці прафсаюзнага лідара, Мікалай Мікалаевіч падкрэслівае, што так званыя “ліхія” 90-я гады былі няпростымі для грамадства, што не магло не адбіцца і на дзейнасці прафсаюзаў.

  • Перыяд злому таго прывычнага ўкладу, прыходу чагосьці новага, незразумелага быў цяжкім. Дэфіцыт тавараў, чэргі, картачкі… Нешта незразумелае, на маю думку, адбывалася і ў паводзінах людзей. Пачала падаць дысцыпліна ў калектывах, некаторыя скептычна глядзелі на прафсаюз. Да гэтага ахоп прафсаюзным членствам быў высокі, у многім дзякуючы старшыням райкама прафсаюза, што працавалі да мяне, – Яўгену Канстанцінавічу Шаўструку (ён кіраваў арганізацыяй больш за дваццаць гадоў), Леаніду Аляксандравічу Хмялеўскаму.

Патрэбна было трымаць высокую планку, каб не знізіць колькасць членаў у грамадскай арганізацыі. Але час браў сваё, недзе сотні з дзве з 1 600 членаў прафсаюза пакінулі прафсаюз. Аднак асноўны касцяк захаваўся. Думаю, і не таму, што райкам прафсаюза ўдзяляў увагу многім пытанням, а таму, што ў кіраўнікоў і работнікаў была ўпэўненсць у тым, што прафсаюз патрэбен. У той час праводзілі сходы, пленумы, нарады, каб захаваць прафсаюзы ў цэлым, – і гэта дало свой плён. Асобна хачу сказаць словы ўдзячнасці былому старшыні Любанскага райвыканкама Валерыю Іванавічу Грыбанаву, які падтрымліваў прафсаюзы, заўсёды ішоў насустрач пры вырашэнні пытанняў, з якімі да яго звярталіся прадстаўнікі гэтай грамадскай арганізацыі, – распавёў Мікалай Кругленя.

Па словах суразмоўцы, у 90-х гадах шмат увагі ўдзялялася будаўніцтву жылля на сяле. Выдзялялася квота на атрыманне новых дамоў, кватэр і настаўнікам. У той час актывізавалася культурна-масавая дзейнасць у школах. Мастацкія калектывы ўстаноў выязджалі з канцэртамі не толькі ў бліжэйшыя населеныя пункты, але і за межы раёна, прымалі ўдзел у творчых конкурсах. На 1 Мая – Свята працы – ладзіліся спартакіяды, турніры па тэнісе, шашках і шахматах. Зімою па традыцыі праводзіліся лыжныя спаборніцтвы.

Асобная ўвага надавалася пытанням аздараўлення. Ад Брэста да Байкала, Краіны Балтыі, Каўказ і інш – такая шырокая геаграфія назваў, дзе адпачывалі работнікі адукацыі Любаншчыны. Неад’емнай часткай дзейнасці прафсаюза была арганізацыя падарожжаў, пры тым не толькі па Беларусі, але і за яе межы. Экскурсійныя групы і асобныя члены прафсаюза пабывалі ў Маскве, Ленінградзе, Балтыйскіх Краінах, Карэліі, Балгарыі, Чэхаславакіі, Румыніі.

  • Падкрэслю, прафсаюзных лідараў выбіралі з вялікай адказнасцю, многія затым пайшлі на павышэнне. Хачу асобна адзначыць педагогаў, якія шмат гадоў узначальвалі пярвічныя прафсаюзныя арганізацыі, у іх ліку Ганна Аляксандраўна Карнеева (Загальская СШ), Генадзь Пятровіч Капачэня (Урэцкая СШ №2), Анатоль Сігізмундавіч Вярбіцкі (Любанская СШ №3), Яўгенія Іванаўна Цагойка (Палічынская СШ) і многія іншыя. Вялікі дзякуй усім тым, з кім давялося працаваць. Шчырыя словы падзякі і цяперашнім членам прафсаюза. Зычу вам плёну ў працы, актыўнай грамадскай дзейнасці, невычэрпнай энергіі і сіл, добрага настрою і дабрабыту, – пажадаў Мікалай Мікалаевіч.

Да слова, з 2016 года Мікалай Кругленя ўзначальвае Савет ветэранаў педагагічнай працы і прафсаюзнага руху пры Любанскай раённай арганізацыі ветэранаў.

Алена РАДКЕВІЧ.

Ветэраны педагагічнага руху і працы Мікалай Мікалаевіч і Вольга Рыгораўна КРУГЛЕНІ.

Педагагічныя работнікі Любанскага раёна на экскурсіі ў Латвійскай ССР, 1989 год.

220030, г. Минск, пл. Свободы, 23
каб. 127, 128
тел./факс: +375 17 258 24 04
E-mail: minsk-obkom@mail.ru