Педагогі ў дыялогу
10.03.2021Педагогі ў дыялогу
Стан і перспектывы развіцця рэгіянальнай адукацыі абмеркавалі ў Мядзеле на дыялогавай пляцоўцы. У зацікаўленым абмене думкамі прынялі ўдзел работнікі ўпраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама, кіраўнікі ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі, прадстаўнікі бацькоўскай грамадскасці.
У якасці экспертаў выступілі начальнік упраўлення Таццяна Ефімава і старшыня
райкама галіновага прафсаюза Ірына Глінская, а мадэратарам была намеснік дырэктара Мядзельскай СШ №1 імя Уладзіміра Дубоўкі Алена Паршута.
Якой павінна быць сучасная адукацыя? Як падкрэсліла дырэктар гімназіі-інтэрната Ірына Азарка, школа перастала быць асноўнай і адзінай крыніцай ведаў. Інфармацыя з інтэрнэту больш актуальная, наглядная, эмацыянальная і даступная. Але нават даросламу бывае цяжка разабрацца, дзе там праўда, а дзе — не. Час паставіў перад сістэмай адукацыі новы выклік: навучыць дзяцей адрозніваць праўду ад няпраўды, сумнявацца, не саромецца задаваць пытанні. Педагогі гімназіі працуюць у гэтым напрамку. Тут дарэчы і сайт установы (у стварэнні матэрыялаў для яго ўдзельнічаюць і вучні), і газета “Кур’ер гімназіі”, і выкарыстанне матэрыялаў з інтэрнэту пры падрыхтоўцы да ўрокаў і мерапрыемстваў. Як ніколі актуальныя ў рабоце з вучнямі мазгавы штурм, рашэнне праблемных задач, пошук памылак і недакладнасцей у інфармацыі, тэхналогія “перавернуты ўрок”.
Хоць Свірскі ВПК д/с-СШ мае статус гарадской установы адукацыі, яго дырэктар Вера Шукела агучыла праблемы, тыповыя, як сама падкрэсліла, для вёскі. “У Свіры не хапае працоўных месцаў, не застаюцца маладыя спецыялісты. Хацелася б, каб тут ствараліся сем’і, нараджаліся дзеці. Каб людзі прыязджалі да нас, затрымліваліся, будаваліся. Каб была якая вытворчасць… Калі ў населеным пункце больш заўважная праслойка інтэлігенцыі, гэта адразу змяняе сітуацыю да лепшага і ва ўстанове адукацыі”. Яшчэ адна свірская праблема — аддаленасць ад абласнога і раённага цэнтраў. А таму, зазначае дырэктар, дарэчы былі б на месцы нейкія курсы: фоташопу, трактарыстаў, па асновах касметалогіі… З настальгіяй Вера Аляксееўна прыгадала этыку і псіхалогію сямейнага жыцця, што выкладалі ў савецкі час (добрым словам гэты курс узгадае яшчэ не адзін удзельнік дыялогу). І зазначыла, што невялікім школам вельмі не стае псіхолага.
Дырэктар Старагабскага ВПК д/с-СШ Іван Босы падкрэсліў: нават самаму адукаванаму чалавеку часам не хапае выхаванасці. Таму выхаванню трэба ўдзяляць належную ўвагу. Але традыцыйныя формы работы нецікавыя сучасным школьнікам. Іншая справа — інтэрактыў, жывы дыялог. Іван Часлававіч прапанаваў сабраць на дыялогавую пляцоўку лепшых вучняў, самых прагрэсіўных старшакласнікаў раёна. А заняткі Школы Актыўнага Грамадзяніна, на думку дырэктара, варта праводзіць ужо на другой ступені навучання.
Як сёння працаваць з бацькамі вучняў? Пра неабходнасць перайсці ад гутарак і сумных сходаў да актыўных форм работы гаварыла дырэктар Слабадской СШ імя Адама Гурыновіча Зоя Вайцяховіч. На яе думку, добры варыянт — дыялогавая пляцоўка, жывая размова ўсіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу. У Слабадзе практыкуюць і сумесныя паходы выхаднога дня. Праўда, праз тое, што працуюць бацькі вучняў пераважна ў сельскай гаспадарцы, сабраць усіх складана.
Пра навучанне паспяховаму бацькоўству, разнастайныя формы работы і важную ролю ў такім узаемадзеянні псіхолага казалі кіраўнікі Сырмежскага ВПК Людміла Арэхава і Сваткаўскага Вольга Рудачэнка. А дырэктар Нарацкай СШ №1 Тэрэса Кальчынская гаварыла пра важнасць і складанасць работы класнага кіраўніка — сувязнога звяна паміж вучнямі, настаўнікамі-прадметнікамі і бацькамі. Зазначыла, што добра б увесці пасаду вызваленага класнага кіраўніка.
Удзельнічалі ў дыялогу і бацькі вучняў. Пра школу і настаўнікаў гаварылі з удзячнасцю. Ну а калі падрабязней… Таццяна Амельяновіч прапанавала вызваліць педагогаў ад працы з праблемнымі сем’ямі. На яе думку, гэтым павінны займацца спецыяльныя службы. Выказала Таццяна і некалькі нечаканую ідэю. Маўляў, настаўнікі шмат працуюць дома (правяраюць сшыткі, рыхтуюцца да ўрокаў), таму ільготы па аплаце электрычнасці і камунальных паслуг былі б ім дарэчы. А Тамара Мацкевіч падзялілася вопытам: калі дзіця прыносіць дрэнную адзнаку, трэба тлумачыць, што гэта ваша з ім недапрацоўка, а не вінаваціць настаўніка. Наталля Клунік падзякавала за арганізацыю паездак дзяцей у Мінск на дадатковыя заняткі па прадметах. Маўляў, гэта мае сэнс, хоць доўгая дарога патрабуе часу, а самі заняткі — грашовых выдаткаў.
Як павысіць прэстыж педагагічнай прафесіі? Дырэктар Мядзельскага ВПК я/с-СШ Таццяна Уласавец зазначыла, што яшчэ год 10-20 таму настаўнік быў самым адукаваным чалавекам у грамадстве. Зараз бацькі многіх вучняў маюць па дзве-тры вышэйшыя адукацыі, займаюць адказныя пасады. Педагогу ў такой сітуацыі няпроста. Але, на думку Таццяны Мікалаеўны, многае залежыць ад яго самога. Бо хіба ж будуць з павагай ставіцца да таго, хто сам негатыўна выказваецца пра ўласную прафесію? Прамоўца падкрэсліла, што дзяржава робіць многае для паляпшэння матэрыяльнага становішча педагогаў, але застаюцца і нявырашаныя праблемы. Добра б разгледзець пытанні забеспячэння жыллём, ільготнага крэдытавання.
Як станоўчую тэндэнцыю намеснік начальніка ўпраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама Святлана Кундра адзначыла з’яўленне педагагічных класаў: “Мы атрымалі магчымасць арыентаваць вучняў на выбар настаўніцкай прафесіі. А яе прэстыж залежыць і ад кожнага з нас: як паводзім сябе на ўроках, як падтрымліваем зносіны з бацькамі вучняў — гэта ці стане прыкладам, ці адштурхне назаўсёды. Павышэнне заробку і льготы — добра. Але галоўнае — каб у нашу прафесію не траплялі выпадковыя людзі. Выпускніку педкласа для паступлення ў педагагічную ВНУ педкалектыў дае характарыстыку і рэкамендацыю. Было б добра, каб педуніверсітэт запатрабаваў іх у кожнага абітурыента”.
“Склалася парадаксальная сітуацыя, — зазначыла дырэктар Старлыгскага ВПК д/с-СШ імя Івана Аніські Святлана Тацэвіч. — Настаўніцкая праца дэкларуецца як адна з самых паважаных, але яе сацыяльная прывабнасць невысокая. Каб мець годны заробак, педагог мусіць працаваць на дзве стаўкі. Хоць, згодна, для чалавека, які мае справу з дзецьмі, заробак — не галоўнае… Лічу, школу трэба вызваліць ад неўласцівых ёй функцый. Каб класны кіраўнік не займаўся абследаваннем стану электраправодкі і пячнога ацяплення”.
Дырэктар Княгінінскай СШ Ірына Прудніковіч расказала, што з’яўляецца настаўніцай у другім пакаленні — і ганарыцца гэтым. На яе думку, школьнікам трэба больш расказваць пра паспяховых педагогаў, працоўныя дынастыі. У тым ліку і для павышэння прэстыжу прафесіі.
Вопытам работы па прафарыентацыі падзялілася дырэктар Мядзельскай СШ №1 імя Уладзіміра Дубоўкі Ала Балюк. На яе думку, трэба навучыць чалавека атрымліваць веды самастойна: магчыма, за жыццё яму давядзецца змяніць не адну прафесію. Ала Міхайлаўна канстатавала: у старэйшых класах даступнасць адукацыі (у 10 клас бяруць усіх ахвотных) уступае ў некаторую супярэчнасць з якасцю. Каб забяспечыць якасць, трэба сфарміраваць у школьніка матывацыю вучыцца. Тут у дапамогу і профільнае навучанне, і прафарыентацыя. І кропкавая работа з вучнямі і іх бацькамі: многім школьнікам, каб знайсці сваё месца ў жыцці, лепш пасля 9-га класа пайсці ў прафесійна-тэхнічную або сярэднюю спецыяльную ўстанову. У 10-ты ж клас варта прыходзіць, калі ёсць мэта атрымаць вышэйшую адукацыю. “Трэба вучыць адрозніваць тэлевізійную карцінку ад рэальнага жыцця, — падкрэсліла Ала Балюк. — Давесці: дарослае жыццё не будзе праходзіць у кавярні. Асноўнае месца ў ім зойме праца: мы ўсе так жывём. Каб атрымліваць ад яе задавальненне і мець магчымасць забяспечваць сябе, трэба атрымаць добрую адукацыю”.
...Вынікі дыялогу падвялі эксперты. Таццяна Ефімава адзначыла: “Сёння шмат гаварылі, што на педагогаў ускладзены неўласцівыя ім абавязкі. У кожнай краіне свая палітыка ў сістэме адукацыі. Свае традыцыі і тэндэнцыі. Недзе — толькі даць веды, а выхаванне і бяспека — справа бацькоў. У нас таксама ў розныя часы было па-рознаму. Цяпер большасць аспектаў навучальнай і выхаваўчай работы ўскладзена на школу, і на гэта ёсць свае прычыны. Шмат рабочага часу аддаём прафілактыцы, нядобранадзейным сем’ям. Іх нямала, таму сёння школа арыентавана на такую працу. Адказваем за кожнае дзіця: ці пад’ела, як апранута, абута, як сябе адчувае, ці прынесла сшыткі, у якім яны стане... Гэта адрывае ад традыцыйных для школы пытанняў. І ў ідэале, напэўна, патрэбна асобная служба, якая займалася б пытаннямі бяспекі і сямейнай нядобранадзейнасці. У сённяшніх жа ўмовах сапраўды ў кожнай установе адукацыі павінен працаваць высакакласны псіхолаг. Што да атрымання прафесіі. Вучэбна-вытворчых камбінатаў у краіне не засталося. Бо існуе магутная сістэма прафесійна-тэхнічнай адукацыі, там створана добрая база, што дае магчымасць вучыць прафесіі на высокім узроўні. А 10-11 класы — гэта прыступка да ВНУ, туды павінны прыходзіць высокаматываваныя юнакі і дзяўчаты”.
Грунтоўна выказалася абсалютна па ўсіх агучаных пытаннях (адказала літаральна кожнаму ўдзельніку дыялогу) Ірына Глінская. А асаблівую ўвагу надала пытанням павышэння прэстыжу педагагічнай працы.
Наталля ЛІСІЦКАЯ.
Фота аўтара.