Бліжэй да гісторыі нашай Беларусі

23.08.2021

Раніца. Восем гадзін. З цэнтральнай плошчы Івянца на камфартабельным аўтобусе адпраўляецца ў чарговую паездку калектыў Івянецкай сярэдняй школы. Гэта ўжо стала традыцыяй – у канцы навучальнага года абавязкова наведаць цікавы куток Беларусі. А іх у нас, такіх прыгожых, цікавых, значных, велічных вельмі шмат. Багатае гістарычнае мінулае нашай зямлі як бы размаўляе з намі сваімі гарадзішчамі, курганамі, руінамі замкаў, шматлікімі святынямі, пушчамі. І як пісаў выдатны паэт, пісьменнік, наш зямляк Казімір Камейша: “Трэба ўмець глядзець на дрэвы. У іх галінах густа пераплялася пушчанская прыгажосць, а ў карэннях крыецца густое перапляценне самой гісторыі. Галіны гісторыі часам заблытаны так, што іх нялёгка разблытаць самым дасціпным і ўвішным гісторыкам.”

Вось і адпраўляемся мы яшчэ бліжэй знаёміцца з галінамі гісторыі.

Як заўсёды, нас благаслаўляе ў дарогу святая Еўфрасіння Полацкая, гледзячы з цудоўнай фрэскі-мазаікі. Дарэчы, толькі ўчора, пятага чэрвеня, праваслаўныя вернікі ўрачыста адзначалі Дзень Яе памяці.

Едзем! Едзем да месцаў гістарычнай мінуўшчыны, каб не толькі дакрануцца, успомніць, а глыбей пазнаць гісторыю сваёй Радзімы і перадаць гэта сваім дзецям і ўнукам. Бо гісторыя – гэта вялізны разнастайны вопыт чалавецтва, сустрэча людзей ў стагоддзях.

Слухаем экскурсавода. Яна апавядае пра Ракаў, Валожын, Пяршаі, Вішнева.  Узгадвае і розныя легенды. Легенды, легенды… Без легендаў гісторыя губляе сваю таямнічасць, сваю прывабнасць. Гэта – як неба без зорак.

І зноў жа Казімір Камейша пісаў: “Легенды ўзнікаюць тады, калі ёсць згадка і няма праўды, але ёсць жаданне яе ведаць. Недзе побач з легендай ходзіць праўда. Але да гістарычнай праўды чалавек даходзіць праз рэчы летапісныя.”

А экскурсавод расказвае вельмі падрабязна і цікава. Праўда, мы самі многае дабаўляем, бо са сваімі вучнямі аб׳ездзілі і вывучылі сваю Валожыншчыну добра.

Дарогі нашы цудоўныя, а прырода проста зачароўвае. Не налюбавацца! Вакол лясы, пралескі, узгоркі, узвышшы. Асабліва ўражвае Навагрудчына. А вось ужо і сам горад. Навагародак, як яго раней называлі, у свой час быў першай сталіцай Вялікага Княства Літоўскага.

Мінаем касцёл святога Міхала Арханёла, які знаходзіцца непадалёк цэнтра горада. Трошкі бачны з дарогі сцены навагрудскага замка, некалі магутнага і велічнага, які нагадвае пра гісторыю горада.

З узгорка крута спускаемся ўніз і тут жа (зусім недалёка) яшчэ адзін храм. Гэта фарны касцёл Перамянення Гасподняга. Таксама ўражвае сваёй веліччу і прыгажосцю. Іменна ў гэтым старажытным храме ў 1422 годзе польскі кароль Уладзіслаў Ягайла ўзяў шлюб з князёўнай Соф׳яй Гальшанскай. А яшчэ тут быў ахрышчаны ў 1799 годзе славуты Адам Міцкевіч.

Насупраць – кляштар сясцёр-назарэцянак. Успамінаецца не проста сумная, а трагічная гісторыя 1943 года, калі гітлераўцы расстралялі ў лесе адзінаццаць манашак. У 1991 годзе астанкі іх урачыста перазахаваны ў капліцы Маці Божай у гэтым жа фарным касцёле. Сёння ўсе адзінаццаць сясцёр-назарэцянак лічацца благаслаўлёнымі.Яны сапраўды заслужылі хвалу неба.

Едзем на Любчу. Здалёк бачым яшчэ адзін велічны храм. Гэта вельмі старажытны касцёл, які знаходзіцца на ўскраіне вёскі Усялюб (вось жа назва!) і пабудаваны ці у 1433 годзе ці ў 1489 годзе ў стылі готыкі.

Па дарозе працягваем любавацца краявідамі і не заўважаем, што ўжо пад׳ехалі да Любчы. Гэта гарадскі пасёлак, які раскінуўся на левым беразе Нёмана. Але нас цікавіць замак, мы і накіроўваемся за экскурсаводам да яго. Гэта помнік архітэктуры 17 стагоддзя, пабудаваны князямі Радзівіламі таксама на высокім беразе Нёмана. Уражвае нас гісторыя замка і незвычайна прыгожы Нёман у гэтым месцы. Абрадаваліся таму, што ўжо ідзе рэстаўрацыя, палюбаваліся на вежу, пахадзілі па замкавым двары, паслухалі легенды і гісторыю далёкай мінуўшчыны і, канечне, сфатаграфаваліся.

Наперадзе ў нас Гальшаны. Але па дарозе заязджаем яшчэ ў адно незвычайнае месца. Тут раскінулася не вельмі вялікае возера Літоўка, а на ўзгорку, даволі высокім, чалавек з выключнай фантазіяй набудаваў і нарабіў чагосьці незвычайнага: тут і домік з русалкамі, пакоі з гномікамі, вадзянік,

лесвічкі, пляцоўкі.                                                                                                    

Але экскурсавод зацікавіла нас тым, што іменна ў гэтым месцы любіў бываць і адпачываць Уладзімір Высоцкі. Праўда, тут ёсць пакоі, дзе шмат рэчаў пра славутага спевака. Яго партрэты, музычныя інструменты, сшыткі з песнямі і нотамі.

Наступны прыпынак у Гальшанах. У самым пачатку мястэчка звярнулі ўвагу на вадзяны млын. Тут ён быў збудаваны ў 19 стагоддзі і авеяны шматлікімі легендамі. Расказваюць, што ў ціхія месячныя ночы можна пачуць, як працуюць жорны, мелецца збожжа, нават млынар размаўляе з заказчыкам.

Перш-наперш ідзем да памятнага знака, каменя, на якім выява Соф׳і Гальшанскай, прычым цудоўная. Каралева прымала актыўны ўдзел у палітычным жыцці, унесла значны уклад у культурную скарбонку польскага народа. Іменна па яе загаду ў 1433 годзе быў зроблены першы пераклад Бібліі на польскую мову. Вось у гонар славутай Соф׳і Гальшанскай у цэнтры Гальшан у 2006 годзе і быў устаноўлены памятны знак.

Тут жа ў цэнтры і велічны будынак касцёла святога Яна Хрысціцеля і кляштар францысканцаў. Касцёл – помнік архітэктуры ранняга барока, перад касцёлам двух׳ярусная брама-званіца. Храм перабудаваны па фундацыі Паўла Сапегі для манахаў-францысканцаў, якіх ён і запрасіў і пабудаваў для іх кляштар.

Пасля вайны касцёл быў закрыты, а ў памяшканнях кляштара змяшчалася школа-інтэрнат, а затым – філіял Нацыянальнага мастацкага музея РБ. Сёння касцёл аднаўляецца, тут адбываюцца службы. Святая Імша ішла і ў гэты дзень, цудоўна гучаў арган, спявалі вернікі. Мы на адну хвіліну ўвайшлі ў гэты велічны і прыгожы храм.

А вось кляштар у заняпадзе. Балюча было глядзець на патрэсканыя абшарпаныя сцены, а яшчэ больш балюча было слухаць легенду пра Белую панну. Пад час будовы замуравалі ў сцяну маладую жанчыну, каб сцены не рушыліся. Вось і ходзіць яе душа па гэтых пакоях.

 Пасля касцёла едзем да замка. І тут незвычайная цікавая гісторыя. Пабудаваны ён быў Паўлам Стэфанам Сапегам у першай палове 17 стагоддзя. Жылыя карпусы са стройнымі шасцікантовымі вежамі на кутах утваралі замкнёны квадратны двор. Ахоўвалі замак магутныя земляныя валы і вадзяныя равы. У замку было шмат пакояў, сцены ўпрыгожвалі фрэскі, ляпніна, была прыгожая мэбля. Каштоўнасцю замка была і вялікая бібліятэка. Замак таксама (як і ўсё ў далёкай мінуўшчыне) хавае шмат таямніц і прыцягвае сюды аматараў гісторыі і гэтых таямніц. А тут яшчэ выдатнейшы раман У. Караткевіча “Чорны замак Гальшанскі” і рамантычнае паданне пра Белую панну і чорнага манаха, якія блукаюць па замку апоўначы.

Чорны замак Альшанскі. Месяц нырае ў хмарах

Вежы туманныя ў змроку сны аб мінулым мараць.

Ціха! Ты чуеш здалёку ў аркадах бязгучныя крокі!

Кожную поўнач такую ў замку, што стыне ад жаху,

Па галерэях праходзяць дама з чорным манахам.

Цікава, што тут, каля руін замка, ужо некалькі гадоў адбываецца фестываль сярэднявечнай культуры “Гальшанскі замак.” Замак аднаўляецца трошкі. Мы падняліся на вежу і любаваліся наваколлем, але глядзець на разбураныя сцены не хацелася. Шкада гісторыі.

Пакідаем замак і адпраўляемся далей. Здалёк яшчэ любуемся царквой, якая была пабудавана за адзін год. Першы камень быў закладзены ў 1900 годзе, а праз год 9 снежня 1901 года была ўжо асвечана на свята Вялікамучаніка Георгія. Таму яна і называеццца Свята-Георгіеўская. Царква ў Гальшанах не закрывалася і служыла вернікам. Іменна ў ёй захоўваецца часціца мошчаў праведнай Юліяніі Гальшанскай.

Нельга не звярнуць увагі і на так званы “яўрэйскі квартал.” Гэта аднапавярховыя цагляныя дамы, якія выходзяць на вуліцу прыгожымі фасадамі, выкананымі з высокаякаснай цэглы розных адценняў. Будынкі вельмі прыгожыя, па-мастацку выразныя.

На выезде з мястэчка яшчэ адзін цуд! Гэта прыдарожная капліца, узведзеная ў 18 стагоддзі ў стылі барока. Яна яшчэ выконвала функцыю межавага знака і маяка, які быў бачны здалёк. На другім ярусе, адкрытым з трох бакоў, – Езус Хрыстус, які нясе крыж. І капліца ўражвае: і вышынёй у 11,4 метра, і фігурай Хрыста з крыжам, і яшчэ нечым такім важным, таемным, велічным, і незвычайнай мудрасцю і талентам нашых продкаў.

Невялікпе мястэчка, а якая гісторыя, якая прыгажосць!

Едзем у Баруны. Па дарозе зноў слухаем экскурсавода – незвычайна цікава, граматна, з глыбокім веданнем гісторыі апавядае нам Юлія … У Барунах маем толькі некалькі хвілін, каб заглянуць у храм, спыніцца перад цудадзейным абразом Маці Божай Барунскай Суцяшальніцы Засмучаных.

Як і ўсіх храмаў, лёс касцёла святых апосталаў Пятра і Паўла і кляштара базыльянаў вельмі складаны, але і значны. Будавалі, перабудоўвалі. Была царква, быў пажар. Толькі ў 1922 годзе царква была перададзена католікам.

Але ж іменна ў Барунах была школа, у якой навучаліся многія польскія пісьменнікі. З 1845 года тут размяшчалася духоўнае вучылішча.У гады Першай сусветнай вайны быў створаны інтэрнат для дзяцей-сірот. У 1920–1922 гады дзейнічала беларуская настаўніцкая семінарыя, дырэктарам якой быў С. Рак-Міхайлоўскі. У апошнюю нядзелю 1991 года парафія ў Барунах святкавала 300-годдзе культу Маці Божай Барунскай Суцяшальніцы Засмучаных. А ў нас жа 2021 год – значыць ужо 330 гадоў. Шкада, што было малавата часу, але ж яшчэ наперадзе сустрэча з цікавым.

З Барунаў адпраўляемся ў Крэва. Суправаджае нас добры дождж. Але ж у нас вельмі ўтульны аўтобус, прыветны кіроўца і таленавіты экскурсавод.

У Крэве таксама чакае сустрэча з далёкай-далёкай гісторыяй. Мы былі тут раней, калі вакол былі толькі руіны ад замка, пабудаванага ў пачатку 14 стагоддзя князямі Вялікага Княства Літоўскага Гедымінам і Альгердам. Замак быў магутны. Вышыня Князевай башні была 25 м, а сцен – 12 м. Замак быў сведкам і местам многіх падзей. Іменна тут 14 жніўня 1385 года князем Ягайла падпісана Крэўская ўнія.

Зараз мы ўсцешыліся. Замак адраджаецца. Ужо многае зроблена. Уражвае таксама веліч. Будзем спадзявацца, што ён паўстане ад гістарычнай мінуўшчыны да нашага новага “сёння.”

А наша “сёння” не стаіць на месцы, рухаецца наперад. Вось тут, недалёка ад старажытнага замка, паўстаў у 1995 годзе прыгожы касцёл Перамянення Гасподняга і Маці Божай Ласкавай у стылі постнеа-барока. Зноў цікава апавядае пра ўсё наш экскурсавод.

Едзем далей. Яшчэ адна неверагодная сустрэча – Залессе ці “Паўночныя Афіны Міхала Клеафаса Агінскага.”

Міхал Клеафас Агінскі нарадзіўся 25 верасня 1765 года ў маёнтку Гужаў пад Варшавай. Ён увайшоў ў гісторыю як выдатны палітык, дыпламат, грамадскі дзеяч. Але сусветную вядомасць атрымаў як кампазітар, асабліва як аўтар вельмі папулярнага паланеза №13 “Развітанне з Радзімай.” У Залессе князь Агінскі прыехаў у 1802 годзе і пражыў тут цэлых 20 гадоў. Залессе стала яго самым любімым месцам на зямлі. За гэты час Агінскі сваю сядзібу зрабіў сапраўдным культурным цэнтрам Віленшчыны з цікавымі музыкальнымі сустрэчамі, вечарамі. Тут збіраліся сябры кампазітара, яго адзінадумцы, абмяркоўваліся дзяржаўныя справы і палітычныя навіны.

Таксама абмяркоўваліся музыкальныя і літаратурныя навіны, гучала музыка. Іменна госці-сябры назвалі сядзібу “Паўночныя Афіны.”

Агінскі Міхал быў вядомым мецэнатам. Ён на свае сродкі адчыніў школу ў Маладзечне, перадаў ёй частку бібліятэкі і калекцыю музычных інструментаў.

Іменна тут, у Залессі, нарадзіліся дочкі кампазітара: Амелія, Софья, Эма, Іда. А вось сын Іранеюш нарадзіўся ў Італіі.

“Дочкі” нас сустрэлі ў эфектных даўніх сукенках і павялі па залах замка. Апавядалі пра бацькоў кампазітара, пра яго жыццё, пра дзяцей. З гонарам расказалі пра тое, што патомкі па лініі Амеліі і Эмы падтрымліваюць сувязь з музеем-сядзібай. Асабліва эфектна выглядаў “сын”, які таксама цікава распавядаў нам гісторыю Агінскіх, ведучы далей па залах. Усё ўражвала, так хацелася да ўсяго дакрануцца, прысесці на крэслы 19 стагоддзя. Проста дыхала “мінулае” сёння. А яшчэ ўвесь час гучаў паланез “Развітанне з Радзімай.”

Напэўна, кожнаму ўяўляліся пары ў незвычайна прыгожых уборах, а жанчыны яшчэ і з шыкарнымі прычоскамі.

Усё гэта падымала настрой, хвалявала, захапляла і ўражвала гісторыяй нашай Беларусі, яе цудоўнымі мясцінамі.

Заглянулі (хоць праз дзверы) мы яшчэ ў летнюю і зімнюю аранжарэі. І тут проста цуд!

Потым аглядалі парк, альтанкі, возера з лебядзіным востравам, рэчку. Спыніліся і каля каплічкі Маці Божай Вастрабрамскай у сядзібна-паркавым ансамблі кампазітара, якая была пабудавана ў пачатку 19 стагоддзя. Адкрыта ў 1990 годзе.

Не хацелася развітвацца, па некаторых дарожках прайшліся не раз, пасядзелі на лаўках.

Дарога назад была не такой ужо далёкай, але ўвесь час у вачах стаялі велічныя замкі, храмы, лясы, узгоркі, магутныя дрэвы ў Залессі, ля замкаў.

А яшчэ думалася пра мудрасць нашых продкаў, пра іх жаданне пакінуць пасля сябе добрыя справы і памяць, а таксама славу пра сваю зямлю.

 

Л.У. Страчынская

                                                                                                                        2021 г.

220030, г. Минск, пл. Свободы, 23
каб. 127, 128
тел./факс: +375 17 258 24 04
E-mail: minsk-obkom@mail.ru
Яндекс.Метрика