Сэрцам адданая роднай зямлі
15.10.2024У рамках Тыдня бацькоўскай любові традыцыйна на Клеччыне праходзіць сумесная акцыя раённага камітэта Прафсаюза і савета ветэранскай арганізацыі сістэмы адукацыі “Очаг семейный бережно храня”. З гэтай нагоды старшыні Марына Плотка і Алена Новік накіраваліся ў госці да ветэрана педагагічнай працы Зоі Мікалаеўны Ратомскай, настаўніка геаграфіі Даматканавіцкай сярэдняй школы. Для Зоі Мікалаеўны праца ў сферы адукацыі – справа ўсяго жыцця. За трыццаць тры гады педагагічнай дзейнасці яна выхавала шмат пакаленняў вучняў і заўсёды ахвотна дзялілася з калегамі сакрэтамі настаўніцтва са сваей важкай творчай скарбонкі. Але сёння Зоя Мікалаеўна атрымала віншаванні як маці, якая з маладосці (муж загінуў у аварыі) адна падымала чатырох малых дзяцей… Прызнацца, жыццёвыя дарогі-сцежкі былі складанымі… Напружаная настаўніцкая праца, цяжкія сялянскія клопаты… Але Маці, Настаўнік і сёння ўпэўнена крочыць па жыцці, беражліва саграваючы святлом сваёй душы родных – дзяцей, унукаў, праўнукаў, блізкіх. Жыве клопатамі аб людзях, перамогамі сваіх аднавяскоўцаў, радуецца за кожнага і суперажывае. Пра такіх, як Зоя Мікалаеўна, кажуць: “сэрцам адданая роднай зямлі”. Такія людзі ва ўсе часы на вагу золата.