Настаўнік праз усё жыццё

26.10.2026

А сэрца дагэтуль гарыць ад таго, што болей за ўсё яна любіць жыццё. Як дакладна гэтыя словы адлюстроўваюць саму сутнасць чалавечай душы і непаўторнае памкненне да жыцця ветэрана педагагічнай працы ДУА "Клецкая сярэдняя школа №2" Марыі Міхайлаўны Шыкуць, якая адзначыла свой слаўны 85-гадовы юбілей.
Сёння шмат перадумана і пераасэнсавана, многае з прафесійнага скарбу – падзеі, асобы, правілы – ужо ў мінулым і толькі цепліцца ва ўспамінах. Нязменнай, нягледзячы ні на што, засталася яна сама – добрая, шчырая, тактоўная, ветлівая, інтэлігентная, аптымістычная, жыццялюбівая...
Калі размова заходзіць пра школу і настаўнікаў, яе і без таго ўсмешлівы твар яшчэ больш пачынае свяціцца радасцю і цеплынёй. А ў галаве адзін за другім “нараджаюцца” ўспаміны. Школа – яе стыхія, жыццё, сэнс. Ёй Марыя Міхайлаўна прысвяціла амаль 40 гадоў свайго жыцця, з іх тры дзясяткі – займала адміністрацыйныя пасады.
Настаўнік вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі, узнагароджана нагрудным знакам “Выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь” – яна была тым настаўнікам, які праз уласную асобу вучыў быць сапраўдным чалавекам, чулым, уважлівым, шчырым, разумеючым другіх.
Справа таленавітай настаўніцы знайшла працяг у яе вучнях: 9 сталі настаўнікамі беларускай мовы і літаратуры,  з іх 4 – працуюць у школах  Клецкага раёна.
А яшчэ Марыя Міхайлаўна з’яўляецца заснавальніцай педагагічнай дынастыі, дзе справу жыцця мудра падхапілі дачка, унук і праўнучка.
У гэтыя святочныя дні юбілярка прымала шчырыя віншаванні  ад сваіх вучняў, калег-ветэранаў, савета ветэранскай арганізацыі сістэмы адукацыі і Прафсаюза, раённага камітэта Прафсаюза, прафсаюзнага камітэта і кіраўніцтва другой гарадской школы.
Хай будзе шчасце і здароўе,
Віруюць хай крынічкі сілы,
І кожны дзень Вамі пражыты
Хай будзе радасны і мілы…

220030, г. Минск, пл. Свободы, 23
каб. 127, 128
тел./факс: +375 17 258 24 04
E-mail: minsk-obkom@mail.ru